Сціслы дапаможнік па аднаполых шлюбах для ЛГБТ-параў
Калі вы думаеце аб сваім будучым аднаполым вяселлі, ёсць шмат рэчаў, якія варта ўлічваць – ад месца правядзення вяселля да запрашэнняў, вясельнага торта і “мядовага месяца”.
Таму мы сабралі сціслы дапаможнік па аднаполых вяселлях, які дапаможа вам падчас падрыхтоўкі да гэтай важнай падзеі.
Хто робіць прапанову ў аднаполых стасунках?
Вы здзівіцеся, як часта задаюць гэтае пытанне.
Многія гетэрасексуальныя пары прытрымліваюцца традыцыі, што «мужчына сватаецца да жанчыны». Аднак у квір-стасунках у ЛГБТ+-супольнасці ўсё робіцца крыху інакш. Розніца ў тым, што любы з партнёраў можа задаць гэта пытанне, нават не падняўшы бровы. Гэта называецца роўнасцю.
Прыгажосць у тым, што ЛГБТ-пары не адчуваюць старамоднага ціску, які адпавядае агульным грамадскім чаканням. Калі вы хочаце ажаніцца са сваім партнёрам, вы можаце зрабіць прапанову незалежна ад полу.
Такім чынам, прапанову ажаніцца можа зрабіць хто заўгодна.
Ідэальныя месцы для правядзення аднаполых вяселляў
Калі вы заручаныя са сваім аднаполым партнёрам, то, несумненна, абмяркуеце некалькі ідэй цырымоніі правядзення вашага гей-вяселля.
На жаль, свет не прасунуўся да такой ступені, каб аднаполыя вяселлі можна было праводзіць дзе заўгодна, як гетэрасексуальныя вяселлі. Вам давядзецца вывучыць месца правядзення мерапрыемства і пераканацца, што яно прыязнае да ЛГБТ.
Вось некалькі ідэяў па мясцінах, якія будуць найбольш прыязнымі для правядзення вашага гей-вяселля:
- Лондан, Англія
- Манчэсцер, Англія
- Кент, Англія
- Таронта, Канада
- Сіднэй, Аўстралія
- Мельбурн, Аўстралія
- Сан-Францыска, Каліфорнія, ЗША
- Маямі, Фларыда, ЗША
- Фая Айлэнд, Нью Ёрк, ЗША
Заручыны і заручальныя пярсцёнкі
Ваш заручальны пярсцёнак павінен адлюстроўваць тое, што вы хочаце. Сапраўды, вы можаце перайсці да звычайнага ювеліра, бо пярсцёнак можа быць проста колцам. Таму не мае розніцы, у якіх стасунках вы знаходзіцеся.
Ці вы можаце знайсці адмысловага ювеліра, які будзе ганарыцца тым, што мае кліентаў ЛГБТ, і зробіць прыгожыя пярсцёнкі, якія найлепшым чынам прадэманструюць ваша каханне.
Часта аднаполыя пары атрымліваюць аднолькавыя пярсцёнкі з узражвальным дызайнам і надпісам усярэдзіне колцаў.
Ідэі запрашэнняў на гей-вяселлі
Рыхтаваць вясельныя запрашэнні вельмі займальна, і ёсць тысячы тэм і фарматаў на выбар.
Часта пары дапасоўваюць дызайн запрашэнняў да запланаванай тэматыкі вяселля.
Ідэі тэматычных вяселляў:
- Вінтажнае: вяселле ў вінтажным стылі абсалютна цудоўнае і класічнае;
- Эксцэнтрычнае: гуллівае, дзівоснае і вобразнае, эксцэнтрычнае вяселле не будзе забытае ніколі;
- Вясковае: шмат дрэва і хатняя абстаноўка – вяселле ў вясковай тэматыцы ашаламляе;
- Багемнае: натхнёнае прыгожым наваколлем, багемнае вяселле можа выглядаць бы чароўная казка;
- Рамантычнае: спалучэнне ружовых, чырвоных і белых таноў і кветак – класічная рамантычная атмасфера вяселля выглядае так, быццам каханне літаральна лунае ў паветры;
- Кіношнае: калі ў пары ёсць агульнае захапленне фільмам, такім як “Гары Потэр” або “Уладар пярсцёнкаў”, мае сэнс выбраць вяселле ў кінатэматыцы
Пасля таго, як ваша вясельная тэма абраная, ваша запрашэнне павінна адлюстроўваць яе. Напрыклад, калі вы збіраецеся зладзіць эксцэнтрычнае вяселле з фіялетавымі кветкамі, было б міла, каб госці атрымалі запрашэнне ў падобнай каляровай гаме.
То якое запрашэнне вам больш да спадобы?
Торт на гей-вяселлі
Вясельны торт лічыцца адной з самых важных частак вялікага вясельнага дня. Вы павінны выправіцца на дэгустацыю тартоў, каб маглі атрымаць ідэальны варыянт. Няважна, ці будзе ён грандыёзным і эфектным або простым і смачным.
Таксама варта прайсціся па мясцовых пякарнях, перш чым ісці ў выпадковыя месцы. Майце на ўвазе, што былі выпадкі, калі пякарні адмаўляліся ствараць вясельныя торты для аднаполых пар, таму вы павінны паспрабаваць знайсці тую, дзе станоўча ставяцца да ЛГБТ-людзей. Такім чынам, вы будзеце ведаць, што ваш настрой не сапсуецца наведваннем нядобразычліўцаў падчас планавання вяселля.
Што тычыцца ўпрыгожвання торта, папрасіце наверсе змясціць цукровыя фігуркі жаніха і жаніха або нявесты і нявесты. Гэта сапраўды будзе чароўны штрых, які надасць традыцыі прыемны, прагрэсіўны паварот.
Альбо вы можаце выбраць іншыя стылёвыя, прыгожыя торты, якія адлюструюць ваш адмысловы стыль.
Падумайце пра складанне спісу пажаданых падарункаў і шляхоў збору грашовых прэзентаў
Вы здзівіцеся, колькі людзей насамрэч шукаюць «ідэі падарункаў на вяселле для геяў», як быццам бы яны могуць моцна адрознівацца ад падарункаў гетэрасексуальнай пары.
Такім чынам, калі вы не хочаце чагосьці вар’яцка стэрэатыпнага, што вашы цётка і дзядзька абралі з раздзела «гей» на Амазоне, варта падумаць пра складанне спісу пажаданых падарункаў, якія вас сапраўды цікавяць.
Ідэальныя мясцовасці для аднаполых “мядовых месяцаў”
Канада і Новая Зеландыя лічацца найлепшымі краінамі для правядзення мядовага месяца для аднаполых параў. Яны прыязныя для ЛГБТ-падарожжаў, маюць шлюбную роўнасць і рамантычныя мясціны.
Спіс іншых мясцінаў, куды найлепш скіравацца на правядзенне “мядовага месяца” ЛГБТ-парам, уключае ў сябе такія краіны, як:
- Швейцарыя
- Ірландыя
- Францыя
- Грэцыя
- Аўстралія
- ПАР
- Коста-Рыка
- Іспанія
- Каліфорнія, ЗША
Вельмі важна, каб ЛГБТ-пары празандавалі канкрэтны раён і, вядома, гатэль, куды яны збіраюцца накіравацца на “мядовы месяц”, бо будзе жахліва сутыкнуцца з праявамі гамафобіі падчас рамантычнага падарожжа. Калісьці такое надарылася са Стывенам Фраем і яго мужам у Гандурасе ў Цэнтральнай Амерыцы.
Крыніца: www.pinknews.co.uk