ТУПІЛАКАЎЦЫ: ПАЭТ ТОМАС ОБЕРГ

время чтения: 6 мин

Ці не маглі б вы коратка прадставіцца?

Мяне завуць Томас Оберг. Я нарадзіўся і вырас у Стакгольме. Калі мне было 22 ці 23 я сустрэў хлопца, з якім мы былі разам 7 год. Ён быў амерыканец, спявак. Мы сустрэліся выпадкова. Дарэчы, усё ў маім жыцці здараецца выпадкова. Мне вельмі шчасціць, але калі-нікалі прыходзіцца і плакаць, канешне.

ТУПІЛАКАЎЦЫ: ПАЭТ ТОМАС ОБЕРГ

Дык вось. Мы сустрэліся з ім тут, у Стакгольме, у 1962. Тады ж я пазнаёміў яго з маёй сям’ёй. У 1963 годзе мы разам пайшлі на канцэрт Джозефін Бэйкер. Джэк замовіў столікі побач.

Праз некаторы час Джозефін Бэйкер спытала, хто ўмее танцаваць твіст, і стала запрашаць мужчын на сцэну. Джэк запрасіў мяне, мы патанчылі, а пасля ён пайшоў у грымёрку Джозефін і знік там недзе на паўгадзіны ці болей. І калі ён выйшаў, то аказалася, што ён атрымаў нешта накшталт пасады мэнэджэра спявачкі у Францыі.

Так, спачатку ён, а затым я апынуліся ў Францыі, у замку Джозефін Бэйкер разам з дванаццаццю яе прыёмнымі дзецьмі. Гэта быў фантастычны час.

Пасля мы разам з Джэкам пераехалі ў Нью-Йорк у 1964 годзе. Ён меў апартаменты на Манхэтане. Афіцыйна я паехаў у Нью-Йорк працаваць над кнігай, а неафіцыйна — працаваць з яго гуртом. У мяне не было ніякага дазволу на працу, але ў той час швед мог лёгка атрымаць візу, каб знаходзіцца ў ЗША.

Такім чынам я пражыў каля года ў Нью-Йорку, а ў 65-м годзе мы вярнуліся ў Стакгольм. У той час мы шмат падарожнічалі па Францыі, Італіі. І неяк незаўважна пачалі аддаляцца адзін ад аднаго. Мы разышліся, але засталіся сябрамі на ўсё жыццё, да самай яго смерці.

У 1973 годзе я апынуўся ў Лондане, дзе сустрэў аднаго бразільца — Фернанда — так пачаўся мой бразільскі перыяд.

Гэтыя сустрэчы, асабліва з Джэкам, моцна паўплывалі на маё жыццё і на тое, хто я ёсць зараз.

 

А вы скончылі тую кнігу, над якой працавалі ў Нью-Йорку?

Не, на жаль. Маё жыццё таксама складаецца з розных няскончаных праектаў. Але што мяне радуе, дык гэта тое, колькі вершаў я напісаў. На сёння іх прыблізна каля пяціста. Я пачаў пісаць вельмі рана, калі мне было 11-12 гадоў. Аднойчы настаўніца спытала, ці хтосьці піша вершы, і я адказаў, што так, я пішу. Але на той момант у мяне не было ніводнага верша. Так што мне прыйшлося нешта напісаць. Верш называўся “Кроў і золата”, што сталася для мяне вельмі знакавай з’явай па жыцці.

Я пісаў і пішу многа, але публікуюся мала: час ад часу ў нейкіх перыядычных выданнях.

 

Што паэзія для вас значыць?

Паэзія азначае, што я павінен увесь час падтрымліваць сябе духоўна. Таксама яна дае мне супакой так ці інакш. Я лічу, што важна, калі ты робіш нешта крэатыўнае і атрымліваеш падарунак — такім падарункам для мяне сталася мова. І гэта вялікае задавальненне — заходзіць на гэтае поле калі-нікалі.

Але я люблю таксама і чытаць вершы розных паэтаў. У мяне ёсць любімыя, напрыклад, Лорка. У яго ёсць верш пра Нью-Йорк, на фоне якога мой падаецца ўвогуле ніякім.

Я пішу вершы звычайна на шведскай мове, але перыядычна і на англійскай, і на партугальскай. Спрабую пісаць на французскай і нямецкай.

 

На якой мове пісаць складаней?

Магчыма, на нямецкай і на французскай. На нямецкай я магу размаўляць, але для напісання вершаў гэтага недастаткова. А з французскай іншая гісторыя: тут вельмі шмат правілаў, якіх трэба прытрымлівацца.

Я лёгка магу расказаць штосьці на англійскай ці шведскай — гэта тыя мовы, з якімі я даўно.

 

Што вам падабаецца болей: момант напісання верша ці момант, калі верш скончаны?

Сёння я прыйшоў да высновы, што ўсе мае тэксты — няскончаныя. Заўсёды знойдзецца нейкае слова або рыфма, якія захочацца змяніць. Паэзія можа мець пэўныя рыфмы, але гэта не абавязкова. Ёсць мноства паэтаў, якія не рыфмуюць, і я таксама.

Я даведаўся, што мой брат, які старэйшы за мяне на чатыры гады, напрыканцы жыцця пачаў пісаць хайку, і ў яго вельмі добра атрымлівалася. Так у нас з’явілася тое, што нас паяднала, нягледзячы на тое, што ў нас і так былі добрыя адносіны. Але ў той момант мы мелі нешта, чым маглі падзяліцца. Я лічу, што гэта таксама і пра паэзію — падзяліцца чымсьці.

 

Паэзія для вас гэта праца, ці тэксты прыходзіць да вас аднекуль і ад кагосьці?

Абодва варыянты. Не ведаю, што там наконт звыш, бо я не рэлігійны чалавек. Але я духоўны, безумоўна. І я веру ў духоўнае ў людзях. Што да працы, то я магу сказаць, што бывае, калі ты пачынаеш з ідэі, вобраза, а пасля яно ідзе само па сабе. Завяршыць тэкст — таксама праца, якая можа расцягнуцца на гады. Я ўжо казаў, што пастаянна вяртаюся да вершаў і рэдагую іх.

 

У вас няма кнігі, так?

Не, няма. Але я быў часткаю кніжнага праекта, які называўся “Book Machine”. Сэнс гэтага праекта быў у тым, што абсалютна кожны чалавек мог прыйсці ў пэўнае месца, дзе былі гэтыя машыны, напісаць штосьці, надрукаваць і размясціць на сцяне. І па сканчэнні праекта яны зрабілі кнігу. Гэта вельмі добрая рэч.

 

Ці не маглі б вы расказаць крыху болей пра свой верш “Our Secret Garden”?

Secret Garden — гэта назва рэстарана-бара ў Старым горадзе Стакгольма. Гэта гей-месца, і Біл Шылер часта арэнадаваў пакой, у якім мы сустракаліся і ладзілі мерапрыемствы.

І неяк так атрымалася, што назва натхніла мяне на верш. Я лічу, што гэты тэкст якраз пра тое, як мы, шведы, часта закрываем вочы на штосьці. У нас не было войнаў ужо 200 год, таму ў нас няма такога вопыту, як у іншых краін Еўропы. Наша эканоміка развіваецца, людзі жывуць добра, але з большага ніяк не рэфлексуюць. Можа быць, яны стануць задумвацца крыху болей у бліжэйшы час. Таму што нашы ўскрайкі зараз нібыта ізаляваныя ад астатняй часткі насельніцтва, напрыклад, па колеру скуры, мы зведалі вялікія міграцыйныя працэсы апошнія гады.

Таксама зараз вельмі часта людзі страляюць аднін аднаго — якраз на ўскраінах горада. І гэта моцна ўплывае на людзей. Я адчуваю пэўную тэндэнцыю, звязаную з тым, што наша грамадства робіцца ўсё болей кансерватыўным. Мне падаецца, што людзі не разумеюць, што адбываецца. Таму ў вершы я і пытаю: ці гэта тое, чаго яны/мы хочам?

 

Ці гэта ўсё яшчэ ваш Secret Garden? Ці можа зараз у вас ёсць іншы Secret Garden?

Не, я аддаю перавагу месцам, якія можна не называць Secret Garden. Няхай гэта будзе Paradise для ўсіх, назавём гэтае месца так. Што немагчыма, канешне. Бо людзі будуць працягваць страляць, ваяваць і г. д.

 

Ці было складана ў часы вашай маладосці быць квір-асобай і пісаць квір-паэзію?

Не, таму што мая паэзія ніяк не сутыкалася з тэмай квір. Гэта былі два розныя сусветы і, канешне, ніхто не ведаў пра маё асабістае жыццё ажно да моманту смерці Фернанда. Тады я адкрыўся для многіх людзей і ніхто з іх не адвярнуўся. Гэта быў цёплы прыём.

А зараз я не маю часу і, хутчэй, смеласці, каб рабіць тое, што я хачу рабіць на самой справе.

 

У Беларусі сёння ёсць літаральна некалькі квір-пісьменнікаў і пісьменніц, якія адкрыта пішуць пра свой вопыт. Пра гэта ўсё яшчэ складана гаварыць. Магчыма, вы сутыкаліся з гэтым раней? Што вам дапамагло?

Я б не сказаў, што ў мяне былі такія праблемы. Нават і зараз я магу час ад часу падзяляць маё гей-жыццё ад астатняга. Сёння я знаходжуся ў дастатковай бяспецы, я сталы чалавек і жыву адзін. Як я кажу, я не хачу браць на сябе нейкае дзярмо.

Але я выдатна разумею людзей, якія баяцца, якія зазнаюць рэлігійны ўплыў. Я не рэлігійны чалавек і лічу, што релігія — гэта абмежаванні. Гэта нешта, што было створана чалавецтвам, каб спадзявацца на будучыню.

Калі мы прыдумалі Бога, рэлігію, знайшліся людзі, якія захапілі над усім гэтым уладу, сталі будаваць цэрквы. У выніку, людзі пачалі ненавідзіць адзін аднаго. Таму я не веру ў Бога, хаця мне хочацца думаць, што недзе ёсць добры Бог.

 

Для каго вы пішаце свае вершы?

Добрае пытанне. Часткова для сябе. Таксама для людзей, якія хочуць чытаць і слухаць мае вершы. Але я лічу, што паэзія — гэта варыянт абсалютнай прыгажосці. Ты можаш нешта даць людзям, а штосьці няўлоўнае таксама з’яўляецца само па сабе.

Я не магу сказаць, што я палітычна актыўны як іншыя чальцы і ўдзельніцы з Тупілака. Гэта можна абазваць свабодай ад стандартаў, назіральніцтвам за светам і людзьмі. І калі я адчуваю, што ім падабаецца мая паэзія, я гатовы ёй дзяліцца.

Я не пішу вершаў, прызначаных канкрэтным людзям. Хаця ў мяне і былі выпадкі, але гэта з большага прысвячэнні страчанаму каханню.

Калі я кажу, што пішу для сябе, гэта таксама дыялог, бо ты — гэта таксама хтосьці іншы. І бывае, што табе патрэбна паразмаўляць з самім сабой. І ў гэтай камунікацыі з сабой і іншымі людзьмі якраз і дапамагае паэзія. Гэтаксама як і музыка, і кіно.

 

Калі і чаму вы сталі членам Тупілака?

Я ніколі не быў зацікаўлены ў ЛГБТК+ арганізацыях ці нечым такім. Мне падаецца, гэта як з рэлігіяй. Быў перыяд, тады мне было 16-17, калі я паўсюль шукаў знакі. У Нью-Йорку мая рэлігійнасць была яшчэ большай — я нават не мог пераступіць праз камень без нейкай малітвы.

Да Тупілака я далучыўся выпадкова — праз знаёмага Фернанда, яго звалі Пітэр. Ён мяне і запрасіў прыйсці. Я час ад часу прыходзіў, аднойчы ён спытаў, ці не хацеў бы я прачытаць свае вершы. Канешне, я пагадзіўся. Так я стаў прыходзіць часцей і больш уцягвацца ў дзейнасць арганізацыі.

Ну і ў маім удзеле ў жыцці Тупіла таксама заслуга Біла. Я нават не ведаю, што будзе, калі не будзе яго.

 

Калі азірнуцца назад, што вы атрымалі ад Тупілака?

Сустрэчы з людзьмі без працягу ў ложку. Я смяюся, але гэта і праўда частка вопыту. Калі памёр мой бацька, я пачаў шукаць сябе. Тады я быў у адносінах з дзяўчынай, у якую быў закаханы, думаў пра дзяцей, якія імёны мы для іх абяром. Але тады ж прыйшло адчуванне, што немагчыма змагацца з сабой.

Як я казаў на пачатку, шмат чаго ў маім жыцці адбылося выпадкова. І гэтак жа выпадкова я сустрэў шмат якіх людзей. Ад іх я многае атрымаў і многаму навучыўся.

 

Што б вы хацелі змяніць у мінулым?

Падаецца, нічога. Магчыма, выпадкі, калі я раніў кагосьці. Я шмат аб чым шкадую ў сваім жыцці, але шкадаванні нечаму нас вучаць таксама. Як мінімум, быць лепей наступным разам.

 

Также по теме:  7 фильмов ЛГБТ на кинофестивале «Сандэнс» в 2022 году