
Што рабіць, калі ты нарадзіл:ася ў IDAHOBIT?
Ужо 22 гады я спрабую знайсці адказ на гэтае пытаньне, давай разбірацца разам.
Па-першае — варта зразумець, што гэта за дзень
IDAHOBIT (International Day Against Homophobia, Biphobia, Intersexism, and Transphobia) — Сусьветны дзень барацьбы супраць гамафобіі, біфобіі, інтэрсэксізма і трансфобіі, які адзначаецца 17-га траўня. У гэты дзень па ўсяму сьвету дэцэнтралізавана адбываюцца мерапрыемствы і акцыі, мэтай якіх з’яўляецца падтрымка квір-супольнасьці і распаўсюд інфармацыі аб парушэньнях правоў ЛГБТК+ персон. Дата 17-га траўня была абраная, бо менавіта ў гэты дзень у 1990-м годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя выключыла гамасэксуальнасьць са сьпісу псіхічных захворваньняў.
Прапанова адзначаць гэты дзень сусьветна была агучаная ў 2004-м годзе Луі-Жоржам Тэнам, французскім універсітэцкім лектарам і актывістам. І ўжо 17-га мая 2005 года, пасьля гадавой кампаніі, гэта адбылося ўпершыню.
Па-другое, узгадаю яшчэ адно цікавае супадзеньне
Па праваслаўнаму календару 17-мая — Дзень Пелагеі Заступніцы. Згодна з жыціем, яна была прыгожай і добра адукаванай жанчынай, якая тайна прыняла хрышчэньне. Пелагея абрала сваю веру, і адмовіла ў прапанове абрацца шлюбам спачатку сыну імператара, а пасля і самому імператару, за што была падвергнутая катаваньням і сьмяротна пакараная праз спаленьне.
Менавіта гэтая сьвятая лічыцца заступніцай усіх несправедліва пакрыўджаных. А таксама — неверагодна моцнай, здольнай дапамагчы любо:й, хто застаецца вернай таму, што мае ў сэрцы.
Аналізуючы гэтыя два сьвяты, я бачу шмат адказаў на сваё пытаньне. Вось тыя, якія, па майму меркаваньню, найбольш карысныя.

1. Варта памятаць, што калі ты квір — ты ўжо не адзін
Па ўсяму сьвету жылі, жывуць і будуць жыць людзі, якія маюць з табой агульную рысу. Усе квір-персоны розныя. Хтосьці багаты, хтосьці бедны, хтосьці з амерыкансага сярэдняга клясу, а хтосьці — зь беларускага.
Некаторыя з нас знаходзяць сябе шчэ ў дзяцінстве, некаторыя — толькі ў старасьці, а яшчэ ёсьць тыя, хто стаміліся шукаць і проста прынялі, што яны — гэта цэлы спектр. Хтосьці ўрачыста “выходзіць з шафы” на школьным выпускным, хтосьці вымушаны хавацца ў ёй усё жыцьцё, а ёсьць тыя, хто як я, ніколі не рабілі камінг-аўт.
Ты можаш быць актыўным дзеячам мясцовай квір-супольнасьці, а можаш быць тым, хто сябе да яе ўвогуле не адносіць. Самае галоўнае памятаць — калі ты адчуваеш сябе самотна, дзесьці ў сьвеце заўжды ёсць хтосьці здольны цябе зразумець. І ты дакладна можаш знайсьці гэтага чалавека!

2. Так жа дэцэнтралізавана, як адбываюцца мерапрыемствы ў IDAHOBIT, жывем і дзейнічаем усе мы
Твая квірнасьць не павінная быць дазволенай, узгоджанай і такой, якой яе хацяць бачыць людзі навокал. Калі ты ня можаш зрабіць адкрытае мерапрыемства — ты можаш зрабіць закрытае, калі і гэта не магчыма — паглядзець з сябр:оўкамі ці з партнэр:кай квірнае кіно. Або ўвогуле квіраваць сьвет навокал сябе самастойна.
Заўжды будуць тыя, для каго ты — занадта
Мол, прывяртаеш да сябе зашмат увагі, ці ўвогуле, усю дзе заўгодна. Занадта адкрыта ці радыкальна выказваесься, занадта незалежна дзейнічаеш. Зашмат значэньня прыдаеш беларускасьці ды беларускамоўнасьці, робіш занадта незразумелае квірнае мастацтва. Зашмат сабе дазваляеш, друкуючы вясёлкавыя Пагоні.

Так жа будуць тыя, для каго ты — недасткова. Недастаткова апранут:ая на Прайдзе. Недастаткова скован:ая. Недастаткова атрымаўш:ая дазволаў на сваю барацьбу за свае каштоўнасьці. Недастаткова нармалёв:ая. Недастаткова пакутуюч:ая. Недастаткова дасьведчан:ая ў квір-стасунках. Недастаткова добрая дачка ці сын.
Але яны ўсе — гэта ня тыя, каму варта даваць права заціскаць цябе ў рамкі, заганяць у шафу ды глушыць тваё сьвятло.
Памятай, што твая ідэнтычнасьць належыць толькі цябе, і толькі ты абіраеш, што зь ёй рабіць, як яе праяўляць, як зь ёй жыць. Немагчыма быць недастаткова квірн:ай, ці быць квірн:ай занадта. Людзі, якія будуць цябе прымаць, падтрымліваць ды зьзяць разам з табою, абавязкова знойдуцца, калі ты гэтага захочаш.

3. Варта заўжды заставацца верн:ай сябе ды сваім ідэям
Нават калі гэта цяжка, жыць у бясконцай здрадзе сябе — яшчэ цяжэй. Я шмат сутыкалася з хейтам, але ён мяне ніколі не раніў, бо я ведала — тое, што хтосьці супраць, значыць, што я кажу сваю праўду.
Заставацца сабой можна ў любых абставінах. Галоўнае — знайсьці свой шлях, заснаваны ў першую чаргу на тым, што знутры. Квірныя кіно, тэатр, музыка, кнігі, падкасты і блогі — гэта вельмі крута, але не забывай, што ўнутры квірн:ай цябе ўжо ёсьць адказы на ўсе пытаньні.
Каб быць верн:ай сваім ідэям, не абавязкова бясконца змагацца. Можна проста жыць. Шчасьліва, няшчасьліва, лёгка, складана, на Радзіме ці за акіянам. Гэта ўжо найлепшы ўдар супраць таго, што спрабуе нас знішчыць
А замест фармальнага выніка, у канцы хачу выразіць падзяку персоне, якая вывешвала вясёлкавы сьцяг на амбасардзе Велікабрытаніі ў Менску ў IDAHOBIT. Аднойчы, на свае Народзіны, я тайна паехала зь Бярозы ў Менск, каб гэта пабачыць, і гэта быў найлепшы падарунак.
Паша Джэжора, кінематаграфістка, былая квір-актывістка
Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну




